Бібікі біць — гультаяваць, бязьдзейнічаць; займацца пустымі справамі.
А яшчэ можна сказаць гэтак:
🔸Бáйды біць
🔸Лы́нды біць
🔸Тылылы́ біць
🔸Гýльма гуляць
❗️Бібікі — у некаторых беларускіх гаворках гэта "гузікі". Гэта дае падставу меркаваць, што першапачаткова бібікі біць значыла "гуляць у якуюсьці гульню з гузікамі".
❗️Бáйды біць — агульны выраз для бел. і ўкр. (байди бити, байдики бити).
Байда — устарэлае слова са значэньнем ‘барка’, роднаснае са словамі байдак, байдара, байдарка.
Словам байда называлі рачныя судны на Дняпры і яго прытоках. Праца людзей на байдзе, нанятых на пэрыяд навігацыі, здавалася лёгкім заняткам, нявартаю справаю (асабліва так глядзелі на яе тыя, хто на гэты час заставаўся адзін на гаспадарцы).
❗️Слова лы́нда мае некалькі значэньняў, але ў выразе, верагодна, ужываецца як адзінка вымярэньня даўжыні ці плошчы (’вузкая палоска зямлі, загон’).
❗️Тылылы́ — гэта пра балбатню. У некаторых беларускіх гаворках сустракаецца слова «тылілікаць», гэта значыць — утвараць адпаведныя гукі пры дапамозе языка.
#беларусь #беларуский #belarus #беларускийязык #минск