Святлана Ціханоўская – Радзе Бяспекі ААН: «Падыход «пачакаем і ўбачым» не працуе. Разгортванне ядзернай зброі ў Беларусі павінна быць прадухіленае»
Сёння адбылося паседжанне Рады Бяспекі ААН наконт рашэння Расіі аб размяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі насуперак волі беларускага народа. Перад гэтым абмеркаваннем сярод чальцоў Рады быў распаўсюджаны ліст Святланы Ціханоўскай да прэзідэнта Рады Бяспекі ААН – ад імя прадстаўніцы беларускага народа.
«Расійская дзяржава, якая неаднаразова праяўляла агрэсіўныя паводзіны ў дачыненні да нашых суседзяў,
можа нанесці ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі. Беларусь не мае кантролю над гэтым узбраеннем – і ўжо пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Пасля пачатку палітычнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе мы заклікалі да рашучых крокаў для яго ўрэгулявання, перш чым ён ператворыцца ў рэальную пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы. З таго часу Лукашэнка захапіў замежны камерцыйны самалёт, зладзіў міграцыйны крызіс на мяжы з Еўрапейскім Саюзам, стаў су-агрэсарам у вайне супраць Украіны і працягвае рэпрэсаваць тысячы беларусаў. Цяпер ён дазваляе Расіі выкарыстоўваць нашую зямлю для аднаўлення глабальнай гонкі ўзбраенняў.
Відавочна, што падыход «пачакаем і ўбачым» не працуе. Гэтае разгортванне ядзернай зброі павінна быць прадухіленае, і накіраваныя на гэта дзеянні павінны пачацца тут, у Радзе Бяспекі, у органе, які быў створаны Статутам ААН «каб выратаваць наступныя пакаленні ад бедстваў вайны». Мы таксама настойліва заклікаем свет
запатрабаваць вываду расійскіх войскаў з Беларусі і спынення ўдзелу Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Нарэшце, мы падтрымліваем патрабаванне Украіны пра
пазбаўленне Расійскай Федэрацыі статуту сталага чальца Рады Бяспекі ААН».
Уся заява Святланы Ціханоўскай –
на сайце.